БО́ЎКІНСКАЯ АБАРО́НА 1943,
баі партыз. палка «Трынаццаць», часткі сіл 15-га партыз. палка, 17-й брыгады, атрада «Перамога», падраздзяленняў інш. атрадаў супраць карнай экспедыцыі ням. фашыстаў 5—18.10.1943 у лесе каля в. Боўкі Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гітлераўцы накіравалі карнікаў супраць партызанаў і насельніцтва, што знаходзілася пад аховай партызанаў у міжрэччы Проні і Дняпра. Партызаны занялі абарону і ўтрымлівалі яе 5 дзён. Праціўнік сіламі пях. дывізіі, некалькіх батальёнаў, авіяэскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў уклініўся ў абарону партызанаў, заняў некалькі вёсак і завяршыў іх акружэнне. Партызаны і большасць насельніцтва 14 кастр. адышлі і занялі новую абарону. Пасля больш як 20 жорсткіх баёў партызаны 18 кастр. прарвалі кальцо акружэння і выйшлі ў тыл праціўніка. У памяць пра Боўкінскую абарону каля в. Дабужа насыпаны курган Бессмяротнасці.
т. 3, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)